Перайсці да зместу

Прыпяцкія балоты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прыпяцкія балоты
Краіны Беларусь, Украіна
Рэгіёны Брэсцкая вобласць, Валынская вобласць, Ровенская вобласць
Вышыня над узроўнем мора 135 ± 1 м і 133 м[1]
Паштовая марка Беларусі, прысвечаная Прыпяцкаму нацыянальнаму парку

Прыпяцкія балоты — прыродны комплекс балот, які аб’яўлены тэрыторыяй, важнай для птушак і водна-балотных угодзяў. Балоты размешчаны ў пашыранай частцы старажытнай даліны ракі Прыпяць у міжрэччы яе правых прытокаў — рэк Сцвіга і Убарць. Тэрыторыя ўяўляе сабой вялікую нізінную раўніну з агульным ухілам да поймы Прыпяці. Паўднёвая мяжа парка супадае з паўднёвым краем раўніны і прадстаўлена пясчанымі ўзгоркамі і выдмамі, якія зараслі хвойнымі лясамі. За выдмамі шырокім поясам працягнуліся буйнейшыя на Палессі верхавыя і пераходныя балоты, якія дзякуючы сваёй некранутасці і багатай біяразнастайнасці могуць з’яўляцца эталонам палескіх балот.

Большая частка балот нацыянальнага парка пакрыта хвойнікамі, хаця і даволі значная іх плошча (каля 15 %) застаецца бязлеснай. Бліжэй да поймы верхавыя і пераходныя балоты змяняюцца нізіннымі; яны, ў сваю чаргу — паласой вельмі забалочаных, часам непраходных, алешнікаў, якія перамяжоўваюцца з адкрытымі альбо зарослымі хмызняком нізіннымі балотамі. Паласа алешнікаў пераходзіць у заліўныя шыракаліставыя лясы, сярод якіх пераважаюць дубравы (13,6 % ад агульнай плошчы лясоў). Менавіта пойменныя дубравы прыдаюць палескім ландшафтам непаўторны каларыт. Па краях поймы дубравы размяшчаюцца суцэльнымі палосамі, а бліжэй да ракі перамяжоўваюцца з шырокімі адкрытымі заліўнымі лугамі і шматлікімі старыцамі.

Асноўнымі вадацёкамі нацыянальнага парка «Прыпяцкі» з’яўляюцца рэкі Сцвіга і Убарць, якія абмяжоўваюць тэрыторыю з усходу і захаду. Па цэнтральнай частцы парка працякае яшчэ адна невялікая (каля 30 км), але дастаткова мнагаводная рака Свінавод. Акрамя натуральных буйных вадацёкаў і невялікіх азёр, якіх налічваецца крыху болей 40, на тэрыторыі парка захавалася сетка каналаў, якія былі пракапаны яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя ў часы заходняй экспедыцыі І. І. Жылінскага для лесасплаву. Агульная працягласць каналаў складае амаль 280 кіламетраў. Дзякуючы дзейнасці баброў і натуральнаму разбурэнню большая частка гэтых каналаў не аказвае істотнага ўздзеяння на гідралагічны рэжым парка.

У нацыянальным парку пераважаюць наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: абмежаваная высечка лясоў, сенакашэнне, выпас жывёлы, паляўнічы турызм.

З 246 відаў птушак, якія адзначаны на тэрыторыі, 66 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. У парку гняздуецца значная колькасць відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: нырэц белавокі (Aythya nyroca), арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla) (2-3 пары), вялікі арлец (Aquila clanga) (4-6 пар), драч (Crex crex), дупель (Gallinago media). Наяўнасць такой колькасці відаў нацыянальнай і міжнароднай значнасці падкрэслівае важнасць тэрыторыі для захавання біялагічнай разнастайнасці Палесся, Беларусі і Еўропы ў цэлым.

Фаўна млекакормячых нацыянальнага парка «Прыпяцкі» налічвае 49 відаў, 4 з іх (арэшнікавая соня (Muscardinus avellanarius), барсук (Meles meles), рысь (Felis linx), зубр еўрапейскі (Bison bonasus)) уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.

На тэрыторыі парка зарэгістравана 827 відаў вышэйшых раслін, 18 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу і належаць ахове.

Неспрыяльныя фактары

[правіць | правіць зыходнік]

Змяненне гідралагічнага рэжыму поймы ракі Прыпяць у выніку асушальнай меліярацыі і абвалавання рэк.

Раслінныя сукцэсіі. У выніку парушэння гідралагічнага рэжыму і скарачэння сенакашэння заліўныя лугі зарастаюць хмызняком, што прыводзіць да змяншэння разнастайнасці біятопаў і збяднення біялагічнай разнастайнасці.

Лесагаспадарчая дзейнасць. Пасля пераўтварэння запаведніка ў нацыянальны парк лесагаспадарчая дзейнасць на яго тэрыторыі значна пашырылася, што аказала істотны негатыўны ўплыў на экасістэмы. У цяперашні час лесагаспадарчая дзейнасць перамясцілася ў лясныя масівы, размешчаныя за тэрыторыяй парка.

Пажары аказваюць істотнае ўздзеянне на экасістэмы парка. Яны здараюцца даволі часта і ахопліваюць значныя плошчы.

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org


  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.